ФЕРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,

прылада для вымярэння эл. велічынь, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. палёў рухомай і нерухомай шпуль з токам. Разнавіднасць электрадынамічнай прылады, у якой магн. поле нерухомай шпулі ўзмацняецца магнітаправодам з ферамагн. матэрыялу. Выкарыстоўваюцца пераважна як тэхн. шчытавыя (часам пераносныя) амперметры, вальтметры і ватметры (паказвальныя і самапісныя) ва ўмовах вібрацыі, трасення і ўдараў.

Пры вымярэнні сілы току і напружання абмоткі шпуль уключаюць паслядоўна; пры вымярэнні магутнасці прапускаюць ток: праз нерухомую шпулю — прапарцыянальны току, праз рухомую — прапарцыянальны напружанню ў вымяральным ланцугу. Працяканне токаў у шпулях утварае магн. палі, якія ўзаемадзейнічаюць і адхіляюць стрэлку прылады. Пры выкананні ферадынамічных механізмаў у выглядзе лагометраў іх выкарыстоўваюць як частатамеры, фазометры і фарадметры.

Схема ферадынамічнай прылады: 1 — электрамагніт; 2 — рухомая шпуля; 3 — спружына; 4 — асяродак рухомай часткі.

т. 16, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)